У маім доме кветкі бываюць надзвычай рэдка. І ўсё ніяк не магу спакусіцца, каб пачаць набываць іх – для сябе. Вось захацелася нейкага свята, прыгажосці, вясны ў хаце – і ставіш на стол кветкі. Якія сама захочаш.
Але выбіраю іншае. Спешна іду па вуліцы і заглядаю ў крамы. У пошуках новага абрусу. Мне патрэбны квадратны, абшыты атласнымі істужкамі, нешта блакітненькае - як неба сёння. Калі я бачыла зімой менавіта такі, мне ён быў непатрэбны. І неба было іншае. І жаданні. А зараз... Цёткі ў крамах упарта мне паўтараюць, што гэта быў “стары-стары абрус”, такія распрадалі і ўжо больш не будзе. Але ж надзея застаецца. Прынамсі, можна будзе пашыць што-небудзь такое. І хоць у гэтай справе я майстар не надта абазнаны, але ж і фіранкі шыліся, і прасціны, таму і абрус можна.
Абяцаю сабе: заўтра будзе апошні заход у пошуках квадратнага блакітнага шчасця, калі не знайду – пайду глядзець тканіну і стужкі. Гэта зойме не адзін вечар, канечне, бо шыю рукамі, але затое гэта будзе рэч – як у нікога.
А на новы абрус купіцца новая ваза. А там глядзіш – і кветкі будуць. І сябры збяруцца за сталом. Таму трэба тэрмінова асвойваць новыя рэцэпты добрых страў.
Гэта добра, калі ў хаце з’яўляюцца новыя рэчы. Галоўнае, каб іх не было зашмат. Таму час ад часу праводжу інвентарызацыю і спісанне. Нешта аддаецца знаёмым – сваім і не надта, нешта трансфармуецца, а нешта наогул выкідаецца. Не шкадуй. Без адмаўлення не будзе аднаўлення. Падумваю яшчэ над перастаноўкай. Але пакуль выразна вобраз не склаўся, таму і не пачынаю: трэба дакладна ўявіць, што куды ставіць, што і як павінна быць. Ды яшчэ ўлічыць памеры ўсяго і не толькі. А ў маёй галаве зараз зашмат рознакалібернай інфармацыі, і выразны план не складаецца: не хапае аб’ёму памяці для абмазгавання праблемы.
Вясна – гэта добра. Галоўнае яе не праспаць у шапку і шмат чаго паспець. І не забыцца пра сябе. І сяброў. І кветкі. І абрус.









